Гісторыя з музеем Яўгеніі Янішчыц, якая цягнулася амаль год, атрымала працяг. Экспанаты, што пасля закрыцця школы ў Парэччы доўгі час захоўваліся ў скрынках, нарэшце выставілі ў Музеі Беларускага Палесся ў Пінску. Аднак беларусы, якія ўжо пабачылі новую экспазіцыю, расчараваліся: у параўнанні з ранейшым музеем яна стала значна меншая.
Чытайце таксама: Дом, дзе Караткевіч пісаў «Каласы пад сярпом тваім», разбураецца. Музей абяцалі яшчэ сем гадоў таму
Як цяпер выглядаюць рэчы паэткі ў Музеі Беларускага Палесся ў Пінску
У Threads з’явіліся фотаздымкі новай экспазіцыі, прысвечанай Яўгеніі Янішчыц. Аўтар допісу паказаў, як цяпер выглядаюць рэчы паэткі ў Музеі Беларускага Палесся ў Пінску, і адзначыў: «Музей славутай паэткi Яўгенii Янiшчыц перанеслi з вясковай школы ў Музей Беларускага Палесся ў Пiнску. Зараз ён выглядае гэтак — дзве палiцы ў музейнай вiтрыне».

На фотаздымках відаць, што наведвальнікам прадставілі толькі частку спадчыны паэткі. У каментарах беларусы адзначылі, што ў музеі ў Парэччы экспазіцыя была значна большай і цікавейшай.
«І гэта ўсё? Там столькі цікавых экспанатаў было! Такі цікавы музей быў. Добра, канешне, што хоць нешта выставілі. Але ж гэта нейкі сорам», — напісаў адзін з карыстальнікаў.
«Малавата нешта…», — адзначыў яшчэ адзін каментатар.
Праўда, прагучалі і больш стрыманыя меркаванні. «Будзе і яе зорачны час. Шмат — не паказчык», — лічыць адзін з удзельнікаў абмеркавання.

Чытайце таксама: У Оршы падчас рамонту знік мурал з Уладзімірам Караткевічам, створаны да яго 90-годдзя
Пасля закрыцця школы ў Парэччы экспанаты склалі ў скрынкі
Гісторыя з пераездам экспазіцыі пачалася восенню мінулага года. Як раней пiсала BGmedia, пасля закрыцця школы ў Парэччы Пінскага раёна, дзе Яўгенія Янішчыц вучылася ў старэйшых класах і дзе шмат гадоў працаваў яе музей, экспанаты склалі ў скрынкі і перадалі на захоўванне ў Пінскую раённую бібліятэку і мясцовы Дом культуры.

Пра гэта тады распавяла літаратарка Аксана Спрынчан. Яна звярнула ўвагу, што ўнікальныя матэрыялы — кнігі, рукапісы і асабістыя рэчы паэткі — захоўваюцца без належных умоў, а Мерчыцкі этнаграфічны музей, які размяшчаецца ў будынку былой школы Янішчыц і мае вольныя плошчы, адмовіўся прыняць экспазіцыю.
Гісторыя выклікала шырокі грамадскі рэзананс. Пасля гэтага ў сітуацыю ўмяшалася Міністэрства культуры, якое вырашыла перадаць музейную калекцыю ў Музей Беларускага Палесся ў Пінску. Тады паведамлялася, што экспанаты атрымаюць новае месца, аднак не ўдакладнялася, у якім аб’ёме яны будуць прадстаўлены наведвальнікам.

Цяпер стала вядома, што гэтая гісторыя фактычна завяршылася. Спадчына Яўгеніі Янішчыц сапраўды стала часткай экспазіцыі музея ў Пінску, але ў значна больш сціплым выглядзе, чым той музей, які доўгія гады існаваў у Парэччы.
Чытайце таксама: Што будзе далей са спадчынай паэткі Яўгеніі Янішчыц?
Будь на связи и в безопасности: подключи BGlobal VPN
Наш канал в Telegram. Присоединяйтесь!
Есть о чем рассказать? Пишите в наш Telegram-бот. Это анонимно и быстро


Сообщить об опечатке
Текст, который будет отправлен нашим редакторам: