архитектурный план строительства хранилища ядерных отходов

Беларускае сховішча радыеактыўных адходаў крытыкуюць за ненадзейную расійскую тэхналогію і недастатковую ацэнку рызыкаў

12.09.2026 06:00 Візуалізацыя генеральнага плана ПЗРА пры дапамозе штучнага інтэлекту. Источник фото

Незалежныя эксперты прааналізавалі справаздачу аб ацэнцы ўздзеяння на экалогію будучага ПЗРА і звярнулі ўвагу на тэхнічныя і доўгатэрміновыя рызыкі.
Читайте BGmedia в:

У Беларусі плануюць стварыць пункт захавання радыеактыўных адходаў (ПЗРА), у тым ліку тых, што будуць утварацца ў выніку працы Беларускай АЭС. Для будучага аб’екта разглядаюцца тры пляцоўкі: у Астравецкім раёне, Мсціслаўскім раёне Магілёўскай вобласці і каля вёскі Навасёлкі ў Гомельскай вобласці.

Чытайце таксама: Сховішча ядзерных адходаў можа даць уцечку ўжо праз 100 гадоў. Эксперты папярэджваюць пра рызыкі і праблемы праекта

BGmedia паўдзельнічала ў вэбінары ад «Экадома», прысвечаным праекту ПЗРА, і даведалася меркаванні экспертаў пра прапанаваную тэхналогію, магчымыя рызыкі і тое, як у праекце ўлічаныя пытанні радыяцыйнай бяспекі. Спецыялісты звярнулі ўвагу на некалькі праблемных момантаў у справаздачы аб ацэнцы ўздзеяння на навакольнае асяроддзе (АУНА).

Паводле іх ацэнак, у прадстаўленых матэрыялах БелРАА не да канца раскрытыя некаторыя важныя тэхнічныя пытанні. Гаворка ідзе, у прыватнасці, пра паводзіны радыенуклідаў, надзейнасць ахоўных бар’ераў, утварэнне газаў у кантэйнерах, магчымыя выкіды і доўгатэрміновае захоўванне адходаў.

Праект прааналізавалі спецыялісты «Экадома», амерыканскай арганізацыі Solutions for Resilient Communities, эксперт міжнароднай праграмы «Бяспека радыеактыўных адходаў» Андрэй Ажароўскі і незалежны эксперт па радыяцыйнай бяспецы і тэхналагічных рызыках Сяргей Бесараб. Яны вывучылі справаздачу аб ацэнцы ўздзеяння на навакольнае асяроддзе (АУНА).

мужчина в оранжевой шапке
Сяргей Бесараб, фота з асабістага архіва

Паводле ацэнкі экспертаў, у дакуменце недастаткова раскрытыя шэраг важных тэхнічных пытанняў. У прыватнасці, не апісаныя належным чынам тэхналогіі абыходжання з рознымі відамі радыеактыўных адходаў, характарыстыкі кантэйнераў і ахоўных бар’ераў, а таксама магчымыя выкіды і скіды.

Расійскія аналагі

Асобныя пытанні ў экспертаў выклікае паходжанне прапанаванай тэхналогіі. Яны звяртаюць увагу на падабенства беларускага праекта з расійскімі аб’ектамі на камбінаце «Маяк» у Чалябінскай вобласці і Сібірскім хімічным камбінаце ў Томскай вобласці.

Паводле аналізу экспертаў, беларуская модульная сістэма можа быць заснаваная на расійскіх распрацоўках. Пры гэтым у расійскіх матэрыялах па аналагічных аб’ектах разглядаецца магчымасць страты ахоўнымі бар’ерамі сваіх уласцівасцяў на працягу першых 100 гадоў.

Для некаторых радыенуклідаў, у тым ліку цэзію-137 і стронцыю-90, ізаляцыя павінна захоўвацца значна даўжэй — не менш за 300 гадоў.

Ёсць і расійскі прыклад праблем з падобным аб’ектам. Андрэй Ажароўскі у справаздачы прывёў прыклад пра пункт захавання радыеактыўных адходаў у Абнінску, дзе пасля 38 гадоў пасля кансервацыі былі выяўленыя ўцечкі. Паводле прыведзеных ім звестак, грунт вакол аб’екта быў забруджаны на глыбіню да васьмі метраў.

Праблема бетону і радыенуклідаў

Сяргей Бесараб асобна прааналізаваў тое, як радыенукліды могуць паводзіць сябе ў грунтовых водах. Паводле яго ацэнкі, хлор-36, тэхнецый-99 і ёд-129 могуць праходзіць праз гліністыя бар’еры, паколькі іх аніённая форма дрэнна затрымліваецца глінай.

Эксперт таксама звяртае ўвагу на арганічныя кіслоты і іншыя хімічна актыўныя рэчывы, якія пры пэўных умовах могуць паскорыць перамяшчэнне радыенуклідаў у навакольнае асяроддзе.

Яшчэ адна праблема, на якую ўказвае Бесараб, — утварэнне газаў унутры кантэйнераў з цэментаванымі адходамі. У першую чаргу гаворка ідзе пра вадарод. Калі для яго не прадугледжаны належны адвод, павышэнне ціску можа ўплываць на стан бетоннай матрыцы і кантэйнера.

ядерный могильник
Архітэктурны план для сховішча ядзерных адходаў. Фота: «БелРАА»

Разам з вадародам можа ўтварацца і трыцій. Эксперт звяртае ўвагу, што пры праходжанні газаў праз бетон радыеактыўны трыцій таксама можа трапляць за межы кантэйнера.

«У тэксце АУНА гэтыя ўздзеянні на навакольнае асяроддзе і здароўе людзей практычна не разгледжаныя, хаця імі нельга грэбаваць», — адзначае Сяргей Бесараб.

Ён таксама ставіць пытанне пра тое, наколькі надзейна можна прагназаваць стан бетонных канструкцый на сотні гадоў. Рэальны досвед эксплуатацыі такіх сістэм значна карацейшы за тэрміны, на якія разлічваюцца падобныя аб’екты.

Чытайце таксама: Хто будзе адказваць за ядзерныя адходы? У Беларусі схавалі структуру «БелРАА» на фоне спрэчак вакол будучага сховішча

ПЗРА будзе не толькі сховішчам

Эксперты звяртаюць увагу і на функцыі будучага аб’екта. Паводле праекта, на пляцоўцы плануецца не толькі захоўваць радыеактыўныя адходы. Прадугледжваюцца іх сартаванне, спальванне, выпарванне, цэментаванне і ўпакоўка.

Гэта азначае, што частка працэсаў будзе адбывацца непасрэдна на аб’екце і можа суправаджацца выкідамі радыенуклідаў.

опасная зона с повышенным уровнем радиации
Ілюстрацыйнае фота. Крыніца: https://www.gettyimages.de/fotos/chernobyl-exclusion-zone

Асобныя пытанні выклікае спальванне цвёрдых радыеактыўных адходаў. Эксперты адзначаюць, што радыенукліды пры гэтым не знікаюць: яны пераходзяць у попел, рэшткі сістэм ачысткі газаў або могуць трапляць у атмасферу.

Што будзе з адпрацаваным палівам БелАЭС

Складанае пытанне — абыходжанне з адпрацаваным ядзерным палівам БелАЭС. У АУНА гаворыцца пра радыеактыўныя адходы, якія пасля перапрацоўкі ў Расіі могуць вяртацца ў Беларусь.

Пры гэтым эксперты звяртаюць увагу на недастатковую дэталізацыю таго, у якім выглядзе гэтыя адходы будуць паступаць, у якіх кантэйнерах іх будуць перавозіць і як менавіта захоўваць.

Асобная праблема — залежнасць ад расійскай інфраструктуры. Эксперты адзначаюць, што магчымасці Расіі па перапрацоўцы адпрацаванага паліва ад новых рэактараў абмежаваныя, таму пытанне абыходжання з такімі адходамі патрабуе больш падрабязнага разгляду.

Бесараб таксама адзначыў праблему беларускай экспертызы ў сферы абыходжання з радыеактыўнымі адходамі: ён згадаў, што ў Беларусі вельмі мала спецыялістаў, якія маюць практычны досвед працы менавіта з такімі аб’ектамі, таму краіна ў значнай ступені вымушаная абапірацца на замежныя распрацоўкі і ацэнкі. Гэта становіцца асобнай праблемай, калі за аснову беларускага праекта бяруць расійскія тэхнічныя рашэнні, надзейнасць якіх самі эксперты ставяць пад пытанне.

Чытайце таксама: «Няма тэхналогіі, якая на 100% ізалюе адходы»: што стаіць за сховішчам ядзерных адходаў у Беларусі

Эксперты патрабуюць параўнаць альтэрнатывы

У незалежным аналізе звяртаюць увагу і на тое, што ў АУНА недастаткова падрабязна параўноўваюцца розныя варыянты абыходжання з радыеактыўнымі адходамі.

Сярод магчымых альтэрнатыў называецца доўгатэрміновае наземнае кантраляванае захоўванне ў сухіх кантэйнерах. Такі падыход дазваляе сачыць за станам адходаў і пры неабходнасці пераўпакоўваць іх. Яшчэ адзін варыянт — глыбіннае захаванне.

Эксперты лічаць, што перад выбарам канкрэтнай тэхналогіі неабходна паўнавартасна параўнаць яе з іншымі варыянтамі, у тым ліку па рызыках для людзей і навакольнага асяроддзя.

ПЗРА ў Беларусі плануюць пабудаваць у 2030–2031 гадах. Сярод патэнцыйных пляцовак называюцца Астравецкі раён, тэрыторыі ў Магілёўскай вобласці і каля Навасёлак у Гомельскай вобласці.

Як адбылося грамадскае абмеркаванне ў Хойніках

10 верасня ў Хойніках прайшла апошняя з трох вочных сустрэч, прысвечаных грамадскаму абмеркаванню справаздачы аб ацэнцы ўздзеяння на навакольнае асяроддзе будучага пункта захавання і пахавання радыеактыўных адходаў.

Раней такія сустрэчы адбыліся ў Астраўцы і Мсціславе. Хойніцкі раён, як і два іншыя, пакуль застаецца адным з трох магчымых месцаў для размяшчэння аб’екта.

Падрабязнага рэпартажу з хойніцкай сустрэчы на дзяржаўных рэсурсах не было. «БелРАА» паведаміла, што на яе прыйшлі каля 80 жыхароў раёна, прадстаўнікі грамадскіх арганізацый і бізнесу. У склад камісіі ўвайшлі 18 чалавек — прадстаўнікі «БелРАА», «Белніпіэнергапрама», Дэпартамента па ядзернай энергетыцы Міністэрства энергетыкі і райвыканкама.

общественное обсуждение
Грамадскае абмеркаванне праекта сховішча ў Хойніках. Фота: «БелРАА»

У «БелРАА» заявілі, што ўдзельнікам расказалі пра шматбар’ерную абарону пункта захавання радыеактыўных адходаў і інжынерныя рашэнні, а эксперты адказалі на вусныя і пісьмовыя пытанні. Сярод асноўных тэм назвалі радыяцыйную і экалагічную бяспеку, надзейнасць ізаляцыі адходаў, маніторынг навакольнага асяроддзя, новыя працоўныя месцы і магчымасці працаўладкавання мясцовых жыхароў.

Меркаванняў саміх жыхароў у афіцыйнай справаздачы амаль няма. Прыводзяцца словы толькі аднаго неназванага мясцовага прадпрымальніка, які заявіў пра зацікаўленасць у рэалізацыі праекта і звязаў яго з магчымым развіццём Хойніцкага раёна.

официальные лица в костюмах в актовом зале
Склад камісіі на сустрэчы ў Хойніках. Фота: «БелРАА»

На гэта звярнуў увагу «Флагшток». Выданне напісала, што ў каментарах адзін з карыстальнікаў, які сцвярджаў, што прысутнічаў на сустрэчы, назваў іншую колькасць людзей — каля 40. Па апублікаванай фатаграфіі таксама складана ўбачыць у зале 80 жыхароў.

«Флагшток» адзначыў і тое, што грамадскія абмеркаванні праводзіліся ў працоўны час. Для часткі мясцовых жыхароў гэта магло стаць галоўнай перашкодай для ўдзелу ў сустрэчы.

Нагадаем, што абмеркаванні будуць працягвацца да 30 верасня 2026 года —да гэтай даты мясцовым жыхарам можна накіроўваць заўвагі і прапановы наконт праекта.

Чытайце таксама: У Хойніках абмяркуюць размяшчэнне сховішча ядзерных адходаў. Мясцовыя жыхары раней выступалі супраць

Будь на связи и в безопасности: подключи BGlobal VPN

Наш канал в Telegram. Присоединяйтесь!

Есть о чем рассказать? Пишите в наш Telegram-бот. Это анонимно и быстро

Eсли вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.

Сообщить об опечатке

Текст, который будет отправлен нашим редакторам: